Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная // Навіны

Апора нашай краіны

08/10/2024 10:10
 

 


На абласным свяце "Дажынкі-2024" у Мікашэвічах аграрыі Брэстчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды за паспяховае правядзенне ўборачнай кампаніі.

Сярод іх былі і нашы землякі. Гэтыя "Дажынкі" сталі асаблівымі. Палешукоў павіншаваў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фестываль стаў нацыянальным праектам. І менавіта праз "Дажынкі" нарадзілася праграма спачатку выратавання, адраджэння, а потым і развіцця сяла.


- Жыццё паказала, што мы абсалютна правільна выбралі стратэгію - вызначылі харчовую бяспеку адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Я планую пабываць ва ўсіх абласцях, каб нізка пакланіцца вам і падзякаваць вам, дарагія нашы працаўнікі вёскі. Вы - не проста харчовая бяспека. Вы - апора нашай краіны. Вы выратавалі гэту краіну і трымаеце яе ў самыя цяжкія часы на сваіх плячах, - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта на Палессі ў 1996 годзе прайшоў першы рэспубліканскі фестываль "Дажынкі" (Сталінчане ганарацца, што гэта было на тэрыторыі нашага раёна, аўт.). Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што менавіта ў складаныя 90-ыя краіну выратаваў селянін:

- Як бы пафасна гэта ні гучала, менавіта селянін тады выратаваў краіну. І на славу чалавека працы мы правялі першыя "Дажынкі". Фестываль стаў гімнам працаўнікам вёскі, цяжкай, высакароднай сялянскай працы, і гэтай традыцыі мы ідзём дагэтуль, крыху перайначыўшы яе.

Прайшоўшы нялёгкі шлях, галіна сельскай гаспадаркі не толькі дазволіла гарантаваць харчовую бяспеку нашай краіны, але і выйшла на сусветны ўзровень. Не сакрэт, што многія беларускія прадукты шануюць і любяць далёка за межамі Беларусі.


Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дасягнуць вытворчасці збожжа да 11-12 тон. Пры гэтым адзначыў, што адзін з флагманаў беларускага АПК -

Брэстчына.

- Прывяду толькі адну лічбу. За чвэрць стагоддзя вытворчасць сельгаспрадукцыі ў нашым рэгіёне вырасла больш як у два разы. Толькі Брэстчына магла б год карміць усю Беларусь хлебам. І засталося б яшчэ на кашу, спірт, піва і камбікармы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідэр зрабіў акцэнт і на тым, што сяло - гэта не толькі збожжавыя. Брэстчына здзейсніла прарыў у садоўніцтве:

- 60 адсоткаў айчынных яблыкаў - з вашага рэгіёну. Раннія агуркі з Пінска і Століна ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Ягады - трускаўку, маліну, буякі, журавіны - першымі ў краіне ў прамысловых маштабах таксама сталі апрацоўваць менавіта тут. Усёй Беларусі прыклад паказалі, досведам і саджанцамі падзяліліся.


Са святочнай сцэны "Дажынак" прагучаў і такі важны факт, што да канца года Брэстчына ўпершыню ў сваёй аграрнай гісторыі перасягне планку па надоях малака ў 7,5 тысячы кілаграмаў ад каровы. І гэта працэнтаў на 20 больш, чым у сярэднім па краіне.

- Раней думалі, што такое немагчыма. А зараз гэта рэальнасць. Адштурхваючыся ад дасягнутага, можна будаваць новыя планы. Нарыхтоўка кормаў не меней важная, чым уборка ўраджая. Чатыры ўкосы для вас - звыклая практыка. Галоўнае - ні ў якім разе не спыняцца, не зніжаць тэмпы і скакаць заўсёды вышэй за планку, - акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Бурнымі апладысментамі сустрэлі палешукі словы беларускага лідэра аб тым, што вяртаемся да праграмы адраджэння нашага Палесся.


- Нічога звышнатуральнага ад вас я не патрабую. Трэба працягнуць тую вялікую справу, якую мы пачалі больш за дзесятак гадоў таму. Я ўчора, можа, занадта жорстка, рэзка сказаў, што Палессе можа накарміць краіну, усё астатняе мы можам прадаць за межы Беларусі. Попыт на прадукты харчавання будзе толькі расці.

Гэта найпрыгажэйшы край Беларусі. Не ў крыўду іншым: тут сапраўдны беларус нарадзіўся, са сваёй ментальнасцю, са сваім характарам, мэтанакіраванасцю, з нейкай хітрынкай. Гэта сапраўдныя працавікі. Мы павінны адрадзіць Палессе на працягу наступнай пяцігодкі. Гэта яшчэ важна і таму, каб паказаць прыклад нашай моладзі, нашым дзецям і ўнукам, як трэба працаваць, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што лепшыя паказчыкі работы вяскоўцаў яшчэ наперадзе. І паставіў задачу ў найбліжэйшыя гады Брэстчыне выйсці на 2,5 мільёна збожжавых і зернебабовых.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падзякаваў кіраўнікам, камбайнерам, аграномам, механізатарам, вадзіцелям, усім працаўнікам вёскі за хлеб і гераічную працу:

- Вы сапраўды сёння героі нашага дня. Усё проста, час выбраў вас.

Падчас урачыстага мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі ўручыў заслужаныя высокія ўзнагароды аграрыям Брэстчыны. Трэба адзначыць, што старшыні СВК "Фядорскі" Мікалаю Агафонаву аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык са святочнай сцэны "Дажынак" агучыў дасягненні аграрыяў, назваў імёны перадавікоў, уручыў узнагароды за доблесную працу.


Так, дыплом уручаны галоўнаму інжынеру СВК "Фядорскі" Дзянісу Савецкаму, які заняў другое месца ў абласным спаборніцтве ў сваёй намінацыі. Дыпломам узнагароджаны старшы камбайнер СВК "Фядорскі" Леанід Свірскі, які заняў першае месца.

Нагрудны знак Беларускага прафсаюза работнікаў АПК "За заслугі" ўручаны дырэктару КСУП "Беражное" Віталю Яхнаўцу. Гаспадарка таксама прызнана пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу "Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў".

У сваіх намінацыях гэтага ж конкурсу лепшымі прызнаны Столінскі лясгас (дырэктар Генадзь Кухараў) і фермерская гаспадарка "АльшаныАгра" (кіраўнік Мікалай Грыб).

Таксама прадпрыемства холдынгу «БЕЛАВТАМАЗ» перадало ў дар ААТ «Столінрайаграсэрвіс» (дырэктар Мікалай Маркевіч) самазвал МАЗ-555026-4585.

Каб свята "Дажынак" было яркім, запамінальным і эфектным, свае таленты на высокім прафесійным узроўні паказалі таксама работнікі культуры, гандлю, адукацыі Століншчыны.

Выдатныя лакацыі, якія адлюстроўваюць галоўную тэму свята - хлеб, а таксама выставы прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, смачныя пачастункі ад кааператараў - усё гэта было прапанавана для гасцей у святочных Мікашэвічах.

Падвор'е палешукоў Столінскага раёна прыцягвала выдатнымі караваямі і выставамі. А святочны настрой ствараў ансамбль народнай музыкі "Спадары" (кіраўнік Генадзь Копка) Столінскай дзіцячай школы мастацтваў.

На свяце былі таксама і народныя ўмельцы Століншчыны: Марына Каспяровіч (вышыўка, аг. Відзібор), Валянціна Катасанава (вышыўка, в. Бухлічы), Васіль Казачок і Рыгор Шпудзейка (Цэнтр ганчарства, в. Гарадная).

На галоўнай сцэне выступала наша шырокавядомая "Выцінанка" – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь.

У свяце ўдзельнічаў і калектыў інклюзіўнага тэатра «Свежы вецер» Столінскага ДРЦКРНіР. За паспяховае выступленне быў узнагароджаны граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

З упэўненасцю можна адзначыць, што палешукі Століншчыны гатовы да выканання задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Таму што «Адданасць Радзіме - гонар для палешука».

Алена Клімушка

Фота аўтара