СТОЛІНСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

СТОЛІНСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // 2024- ГОД ЯКАСЦІ

ЖАЛЕЗНАЯ «РУКА»

03/06/2024 11:03

 

 

Людзі працы ва ўсе часы карысталіся заслужанай павагай у грамадстве. Праца мае і вялікае значэнне для развіцця асобасных якасцяў і самарэалізацыі - чалавек развіваецца не толькі фізічна, але і маральна.

Ад працы залежыць яго дабрабыт!

І мы ведаем, якія шчаслівыя людзі, якія многае ўмеюць рабіць сваімі рукамі.

Заўсёды лавіў сябе на думцы, што ўсё роўна, якую атрымаў адукацыю чалавек у жыцці. Найбольш каштоўна тое, з якім жаданнем і падыходам ён ставіцца да сваёй працы, прысвяціўшы тым самым сябе любімай справе.

Адзін з такіх - машыніст экскаватара УП «Столінскае ПМС» Уладзімір Ярмашэвіч, які кіруе магутнай жалезнай рукой шматтоннага агрэгата ўжо на працягу 46 гадоў!


- Пачынаў я свой працоўны шлях яшчэ ў ПМК-62, - сціпла ўспамінае Уладзімір Мікалаевіч. - Прапрацаваў там каля 23 гадоў, а потым перайшоў ва УП «Столінскае ПМС». Прычына была вельмі банальная - у 90-я гады там асабліва працы не было, а сям'ю карміць жа трэба было. Вось і вымушаны быў памяняць арганізацыю, але не працу.

Хоць родам Уладзімір Ярмашэвіч з Украіны, але лічыць сябе беларускім палешуком.

- Да маёй малой радзімы недалёка - нейкіх паўгадзіны язды на дызелі, - працягвае Уладзімір Мікалаевіч. - Наступны прыпынак за Удрыцкам. Пасля войска прыехаў вучыцца ў 1977 году ў Столін у ПМК-62 на экскаватаршчыка. Нават не задумляўся, што назаўжды застануся тут. Проста ездзіў на працу кожны дзень.

А як я абраў гэты шлях? З маёй вёскі тут працаваў адзін таварыш, які і расказаў, што ёсць такая магчымасць адвучыцца, атрымаць спецыяльнасць. На той час я быў у пошуку, дома асабліва сядзець не хацелася. Вырашыў паехаць. Тады ж як было? Усе працавалі на зямлі, нічога не баяліся.

З ранняга дзяцінства прывык да працы. Яшчэ, быўшы падлеткам, улетку прачэсваў нашы лясныя прасторы ў пошуку ягадных і грыбных месцаў. Скажу, што цяперашнія месцы ўвогуле нічым не адрозніваюцца ад тых, што засталіся на малой радзіме.

Раз'езды на цягніку працягваліся больш за тры гады, пакуль не надышоў момант вызначыцца канчаткова з месцам жыхарства. За гэты час Уладзімір Ярмашэвіч паспеў завесці сям'ю - зрабіў прапанову Любові, якая жыла непадалёк. Пасля невялікай сямейнай рады было вырашанае пераехаць на сталае месца жыхарства ў Беларусь у 1981 году.

- Калі проста ездзіць на працу, то можна было і яшчэ дома заставацца, - кажа Уладзімір Мікалаевіч. - Але калі ездзіць па аб'ектах, то трэба было пераязджаць. У той час мы ўбачылі перспектывы, сабралі некаторыя пажыткі і пераехалі. І ні разу не пашкадавалі.

За працяглы час сваёй працы Уладзімір Ярмашэвіч памяняў не адзін экскаватар. А ў сваёй прафесіі бачыць творчы складнік і стараецца не заўважаць шэрасці і штодзённасці.

- Многія здзіўляюцца, як мне за столькі гадоў працы на экскаватары не надакучыла руціна, - кажа Уладзімір Мікалаевіч. - Але я наогул не лічу сваю прафесію руціннай, яна ў мяне свайго роду творчая. Хоць гэта гучыць і крыху смешна, але калі ты кіруеш магутнай машынай, а перад табой велізарная жалезная «рука», то пачуваешся сапраўдным творцам. Ды і наогул, я не заву сябе машыністам экскаватара я ўяўляюся ландшафтным дызайнерам! Ну, жарт такі.

І сапраўды - там, дзе прайшоў экскаватар пад кіраваннем Уладзіміра Ярмашэвіча, вока цешыцца. Канал роўны, адхоны роўныя. Ды і абраны грунт ён адразу ж па-майстэрску разраўноўвае. За дзень бывае атрымоўваецца прайсці некалькі сотняў метраў. А колькі іх было за 46 гадоў - не злічыць!

- Я думаю, што машыніст экскаватара павінен не толькі ўмець працаваць з машынай, але і разумець асаблівасці працы тэхнікі, падрыхтоўкі або наладкі. Таксама ён павінен разумець, пры якіх умовах дапушчаецца эксплуатацыя экскаватара, што патрабуецца для паспяховага і хуткага выканання прац.

- Уладзімір Мікалаевіч, што можаце сказаць аб беларусах, палешуках у цэлым напярэдадні свята 1 Мая?

- Беларусы вельмі працавітыя. Я думаю, што гэта - спрадвечная рыса беларускага характару. І я таксама лічу сябе беларусам. Так, мы павінны жыць сёньняшнім днём і глядзець наперад. Але трэба і аглядацца, шанаваць тое, што было ўчора. А беларус заўсёды працаваў. Мы не можам сабе дазволіць жыць за рахунак прыродных рэсурсаў. Усё, чаго мы дамагаліся, - выключна сваёй працай і розумам. А людзі, якія шмат працуюць, заўсёды прыязныя, адкрыты, гасцінныя. Таму што яны разумеюць кошт хлеба, падтрымкі бліжняга.

- Дзякуй за гутарку.

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі