У Брэсцкай вобласці аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы ўжо атрымалі каля 22 тыс. шматдзетных сем'яў. Пра гэта паведаміла першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Алена Федэнка.
Напярэдадні новага навучальнага года ў вобласці аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы да школы дзецям са шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, дзецям-інвалідам. "Аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы ўжо атрымалі каля 22 тыс. шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць 41 тыс. дзяцей. Сума выплат склала больш як Br5 млн", - расказала Алена Федэнка. Матдапамога прадастаўляецца незалежна ад даходу сям'і. Памер выплат на кожнае дзіця-школьнік складае Br129,9 (30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, якое дзейнічае на 1 жніўня 2024 года).
У Брэсцкай вобласці за апошнія дзесяць гадоў колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася амаль удвая. Іх цяпер у рэгіёне каля 25,4 тыс. З іх 78 працэнтаў выхоўваюць траіх дзяцей. Каля 1,6 тыс. сем'яў гадуюць пецярых і больш сыноў і дачок. Больш за ўсё шматдзетных бацькоў пражывае ў Маскоўскім раёне Брэста, у Баранавічах, Пінску і Столінскім раёне.
"У рамках дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, падтрымка аказваецца ў выглядзе аднаразовых і штомесячных сацыяльных дапамог на набыццё адзення, абутку, канцылярскіх прылад. Памер выплат вызначаюць камісіі па прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі гор- і райвыканкамаў, адміністрацый Маскоўскага раёнаў Брэста ў кожным выпадку індывідуальна, зыходзячы з даходу сям'і і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Такую дапамогу ўжо атрымалі 197 сем'яў (на 646 дзяцей) на агульную суму Br640,5 тыс.", - растлумачыла першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. .
Сабраць дзяцей у школу дапамагаюць бацькам і па месцы працы за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый ці наймальнікаў. Такую фінансавую падтрымку атрымалі 2,1 тыс. сем'яў Брэсцкай вобласці на агульную суму Br480 тыс. Не застаюцца ў баку і іншыя грамадскія, рэлігійныя арганізацыі. Таксама ў рэгіёне праводзяць мноства дабрачынных акцый па зборы школьных прылад, адзення, абутку, грошай.