Адкрыў мітынг-рэквіем начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Вадзім Заруба:
– Паважаныя ўдзельнікі моладзевага форума! Кожны раз, збіраючыся на гэтым святым месцы, мы аддаём даніну памяці тым, каму мы абавязаны за жыццё пад мірным небам, за свабоду і незалежнасць.
29 воінскіх пахаванняў і 47 помнікаў воінскай славы размешчаны на тэрыторыі раёна, яны нагадваюць нам пра тую страшную вайну і ахвяры, што былі пакладзены ў імя Перамогі. Але самым масавым месцам трагедыі не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы стала ўрочышча Стасіна, дзе расстраляна і па-зверску закатавана 12 тысяч 500 мірных жыхароў. І што самае страшнае - сярод іх 3548 дзяцей.
Трагедыя Стасіна, як і трагедыя тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам, – гэта боль у сэрцы кожнага. Гэта не проста месца смутку, гэта месца страшнага, нечалавечага злачынства нацыстаў. Мы не маем маральнага права забыцца пра гэта і дазволіць сцерці з твару зямлі сляды бясчынстваў ворага на нашай зямлі.
Кожны год у верасні да Дня памяці ахвяр гэтай страшнай трагедыі мы праводзім тут урок пад адкрытым небам. І нам вельмі прыемна, што да нашага мерапрыемства сёння далучыліся ўдзельнікі міжабласнога маладзёжнага форуму з Гомельскай вобласці.
Дарагія сябры! Сёння мы жывем у мірнай і незалежнай краіне. Мы ўсе - адзіныя! І мы - разам! У гэтым нашая сіла. А яшчэ - наша сіла ў працы, у веры, у патрыятызме і ў памяці. І пакуль жывая памяць аб гераізме і мужнасці беларускага народа - на нашай зямлі будуць мір і згода. Гонар і слава пераможцам! Вечная слава загінуўшым!
Ад дэлегацыі Гомельскай вобласці выступіў начальнік аддзела маладзёжнай палітыкі Камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Павел Радчанка:
- Наш форум прысвечаны Дню народнага адзінства. А каму, як не Гомельскай і Брэсцкай абласцям ведаць пра гэты знамянальны дзень, калі аб'ядналіся Заходняя і Усходняя Беларусь са сваімі сем'ямі, роднымі і блізкімі. Наш форум праходзіць другі раз. І традыцыйна мы наведваем памятныя мясціны Вялікай Айчыннай вайны. Сёння - гэта Стасіна. Гэта глыбокая рана і боль для ўсёй Беларусі. І такіх ран на тэрыторыі нашай краіны незлічонае мноства. Ёсць і тыя, аб якіх мы сёння не ведаем.
Нашыя з вамі задача і мэта як для моладзі, так і для ўсіх грамадзян нашай краіны - захаваць гістарычную памяць і гісторыю пра гэтыя зверскія падзеі, якія адбыліся ў ваенныя гады. Мы павінны пранесці гэтую памяць праз пакаленні.
Літаральна за дзясятак кіламетраў адсюль забылі пра сваю гісторыю. Перапісаўшы гісторыю на іншы лад, узвышаюць ворагаў і забойцаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзяйснялі злачынствы ў тым ліку і на нашай тэрыторыі. Таму жадаю вам памятаць сваю гісторыю, ведаць яе і мірнае неба над галавой.
Без беражлівых адносін да мінулага нельга пабудаваць будучыню. І моладзь Брэсцкай і Гомельскай абласцей ведае і памятае гісторыю сваёй Радзімы. Ад імя маладога пакалення выступіла актывістка РА ГА БРСМ, навучэнка Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ганна Вярэніч, якая зачытала эсэ ўласнага сачынення.
Завяршыўся мітынг-рэквіем ускладаннем кветак і хвілінай маўчання. Далей у маршруце ўдзельнікаў Міжабласнога форуму горада Брэстчыны - Пінск, Бяроза, Баранавічы і іншыя.
У рамках папярэдняга форуму адбыўся абмен думкамі "Дыялог па-гомельску". У выніку гутаркі ўдзельнікам удалося знайсці агульныя кропкі судакранання, распрацаваць сумесны план узаемадзеяння, каб пашырыць магчымасці для арганізацыі патрыятычнага выхавання моладзі. Такое ўзаемадзеянне Гомельскай і Брэсцкай абласцей будзе прадоўжана. Вынікам яго стане ўмацаванне сяброўскіх сувязей нашых рэгіёнаў і далучэнне да гэтага руху ўсіх абласцей Беларусі.
Аляксандр Нікіфарэнка
Фота аўтара