21 чэрвеня ў Століне асабісты прыём грамадзян правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Ігар Луцкі
Жыхарка Століна, прадстаўляючы інтарэсы сына, звярнулася да сенатара з просьбай пасадзейнічаць у падаўжэнні тэрмінаў арэнды ўчастка пад незавершаным будаўніцтвам. Праблема ўзнікла не ўчора. На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў мясцовыя ўлады ішлі насустрач забудоўшчыку, падаўжаючы жаданыя тэрміны, але працы на закансерваванай будоўлі так і не аднавіліся. Уладальніку даўгабуда парэкамендавалі яго прадаць. Пры прадастаўленні пераканаўчага доказу, што знойдзены патэнцыйны пакупнік, мясцовыя ўлады гатовы прадоўжыць арэнду, але толькі на тэрмін, неабходны для канчатковага афармлення дакументаў куплі-продажу, што і растлумачылі заяўніцы.
Каменціруючы сутнасць пытання і шляхі яго вырашэння, Ігар Луцкі падкрэсліў, што пытанні, якія датычацца жылля і будаўніцтва, сустракаюцца ў зваротах найбольш часта. Агучаная наведвальніцай праблема, вядома ж, будзе вырашана - як і належыць, у рамках закона. Але трэба разумець, што ў падобных сітуацыях чалавек і сам павінен ісці насустрач уладзе, рабіць канкрэтныя дзеянні, каб не заводзіць усё ў тупік.
- У нейкіх момантах улада пойдзе насустрач, - падкрэсліў Ігар Уладзіміравіч. - Але да канца зацягваць гэты вузел праблем нельга. Заяўнік павінен сам праявіць волю і ініцыятыву, аб чым мы сёння і дамовіліся.
На прыём да сенатара прыехала таксама работніца аднаго з дзіцячых садоў Пінска. Жанчына выказала прэтэнзіі да правільнасці налічэння ёй заработнай платы, адначасна распавёўшы пра шматлікія, на яе погляд, парушэнні ў адной асобна ўзятай дашкольнай установе горада.
Аналізуючы існуючую сітуацыю, Ігар Луцкі заўважыў, што ў дзяржаве выбудавана сур'ёзная сістэма дашкольнай адукацыі. Што да агучаных прэтэнзій, то большасць з іх, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў плоскасці міжасобасных адносін.
- Неабходна будзе сумесна з Пінскім гарвыканкамам і галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама пабываць у гэтым дзіцячым садку і пагаварыць з людзьмі, тым больш што ў мяне запланаваны асабісты прыём у Пінску, - заўважыў Ігар Уладзіміравіч. - Думаю, сітуацыя вырашыцца, нічога крытычнага няма. Сёньня вельмі шмат робіцца, каб вырашаць любыя пытаньні, зь якімі прыходзяць людзі. І ўладзе гэта ўдаецца.
Падводзячы вынік дыялогу з заяўнікамі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь асабліва адзначыў, што работа са зваротамі грамадзян - адзін з найважнейшых элементаў сенатарскай дзейнасці.
– Ніводны са зваротаў не застаецца без увагі. Больш за тое, усе яны знаходзяцца на кантролі да поўнага дазволу, - запэўніў Ігар Луцкі. - Сёння я прыехаў на сваю малую радзіму, дзе мяне ведаюць і я ведаю многіх. Магчыма, тут у большай ступені праяўляецца падыход не столькі чыноўніка, колькі проста чалавека. Але заўсёды, вырашаючы пытанні, прапускаю людскія праблемы праз сябе. Інакш не атрымоўваецца. У любым выпадку галоўным застаецца вяршэнства закону і справядлівыя адносіны да людзей.